Пра мяне. Кантакты

Віталь Арабей

Вітаю! Я – архітэктар Віталь Арабей і ўжо шмат часу займаюся распрацоўкай разнастайных архітэктурных праектаў: шматкватэрных жылых дамоў, грамадскіх і прамысловых будынкаў, мемарыяльных аб'ектаў, індывідуальных жылых дамоў і цэркваў.

Атрымаў адукацыю ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме і Беларускай Дзяржаўнай Палітэхнічнай акадэміі. Прайшоў навучанне ў аспірантуры Беларускага Нацыянальнага Тэхнічнага Універсітэта, дзе абараніў дысертацыю на тэму "Фарміраванне архітэктуры сучасных прыходскіх храмаў" з атрыманнем навуковай ступені кандыдата архітэктуры.

Падчас прафесійнай дзейнасці прымаў удзел у распрацоўцы шматлікіх аб'ектаў у якасці выканаўцы, суаўтара і аўтара праектаў. У асноўным гэта праекты ўзвядзення новых будынкаў, але ёсць досвед рэканструкцыі і рэстаўрацыі. Больш дзесяці гадоў выкладаў архітэктурнае праектаванне на кафедры "Архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў" БНТУ.

У цяперашні час асноўнай з'яўляецца прыватная архітэктурная практыка, падчас якой распрацоўваюцца архітэктурна-планіровачныя канцэпцыі, а рабочае праектаванне вядзецца супольна з разнастайнымі праектнымі ўстановамі і спецыялістамі. Такі падыход дазваляе кантраляваць якасць праектных рашэнняў цягам усяго працэсу.

Адначасова з прафесійнай дзейнасцю займаюся зборам і сістэматызаваннем матэрыялаў па праваслаўным дойлідстве, адміністраваннем інтэрнэт-рэсурса "Праваслаўная архітэктура Беларусі" (hram.by). Уваходжу ў склад архітэктурна-мастацкай рады Беларускага Экзархата, якая выконвае ролю кансультацыйнага органа пры Мінскай епархіі.